Захаванне нармальнага функцыянальнага стану чалавека, яго працаздольнасці — вось прызначэнне сродкаў індывідуальнай абароны (СІА).
Яны прымяняюцца, калі бяспека працы не можа быць гарантавана канструкцыяй абсталявання, арганізацыяй вытворчых працэсаў, архітэктурна-планіровачнымі рашэннямі і сродкамі калектыўнай абароны.
Працуючы мае права на атрыманне ад наймальніка праўдзівай інфармацыі аб сродках абароны ад уздзеяння шкодных або небяспечных вытворчых фактараў. А таксама на забеспячэнне сродкамі калектыўнай і індывідуальнай абароны, на адмову ад выканання даручанай работы, калі яму іх не выдалі. Наймальнік абавязаны распрацаваць і зацвердзіць шэраг дакументаў з мэтай забеспячэння выдачы, своечасовай замены, мыцця, хімчысткі і рамонту СІА. Сярод іх пералік пасад і прафесій, пры якіх яны выдаюцца ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам, калектыўным дагаворам і іншымі нарматыўнымі актамі, ён зацвярджаецца кіраўніком арганізацыі. Неабходна ўлічваць Тыпавыя нормы бясплатнай выдачы СІА работнікам агульных прафесій і пасад і адпаведныя нормы ў пэўнай галіне, якія распаўсюджваюцца на наймальнікаў незалежна ад форм уласнасці. Інфармацыя аб сродках абароны павінна ўтрымлівацца ў праграме ўводнага інструктажу, які праводзіць служба аховы працы.
Наймальнік не павінен дапускаць да работы працуючага, які не выкарыстоўвае сродкі аховы.
Работнік абавязаны правільна выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай і калектыўнай абароны, а калі іх няма або яны няспраўныя, адразу паведамляць кіраўніку, садзейнічаць і супрацоўнічаць з наймальнікам у забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы.
Працуючыя па грамадзянска-прававых дагаворах забяспечваюцца змываючымі і абеззаражваючымі СІА. Сродкі абароны, у тым ліку замежнай вытворчасці, павінны адпавядаць патрабаванням, якія ўстаноўлены заканадаўствам рэспублікі.
Тэрміны выкарыстання СІА адлічваюцца ў каляндарных месяцах з дня фактычнай выдачы, а для спецадзення і спецабутку ад паніжаных тэмператур ва ўказаны тэрмін уключаецца і час захоўвання ў цёплы перыяд года. Ён можа быць падоўжаны, калі чалавек заняты на ўмовах няпоўнага рабочага часу. Тэрміны нашэння дзяжурных СІА ўзгадняюцца наймальнікам з прафсаюзным камітэтам або іншым упаўнаважаным работнікамі органам у кожным канкрэтным выпадку. Пры гэтым указаныя тэрміны павінны быць не меншымі за адпаведныя для СІА, што выдаюцца ў індывідуальнае карыстанне.
Для захоўвання СІА наймальнік абавязаны прадаставіць спецыяльна абсталяваныя памяшканні (гардэробныя), шафы, якія маюць два аддзяленні: адно — для СІА, другое — для хатняга адзення. Пры неабходнасці павінны быць абсталяваны сушылкі для спецадзення і спецабутку, камеры для іх абяспыльвання і ўстаноўкі для дэгазацыі, дэзактывацыі і абясшкоджвання.
Забаронена пасля завяршэння работы выносіць СІА за межы тэрыторыі арганізацыі. У асобных выпадках, калі па ўмовах працы іх захоўванне не можа быць забяспечана (напрыклад, у палявых умовах), яны могуць заставацца ў нерабочы час у работнікаў, але гэта павінна быць абгаворана ў правілах унутранага працоўнага распарадку, у калектыўных, працоўных дагаворах. Тады адказнасць за захаванне сродкаў кладзецца на работнікаў. А нагляд за імі ажыццяўляе наймальнік.
Выдача і здача СІА адзначаюцца ў асабістай картцы ўліку. Форма зацверджана пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Дакумент адкрываецца на кожнага работніка ў адным экземпляры і захоўваецца ў матэрыяльна адказнай асобы. Там указваюцца прафесія, памер і рост асобы, пералік сродкаў у адпаведнасці з нормай, тэрмін службы, дата выдачы і вяртання, кошт. Усё падпісвае работнік. Дадзеныя ў картцы запаўняюцца на аснове ўнутраных накладных, патрабаванняў. Можна весці ўлік на электронных носьбітах. А выдача СІА пацвярджаецца подпісам асобы ў бухгалтарскім дакуменце (ведамасці). Прычым, апошні не замяняе асабістую картку, а толькі дапаўняе яе электронны варыянт.
Спрэчкі па пытаннях выдачы і выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны разглядаюцца камісіямі па працоўных спрэчках і судамі. Работнікі нясуць матэрыяльную адказнасць у поўным памеры ўрону, нанесенага недахопамі, наўмыснымі знішчэннем і пашкоджаннем сродкаў індывідуальнай абароны.
А. ЖЫЖОВА,
вядучы дзяржінспектар
працы Полацкай МІП.