> Навіны > Помним героя

Помним героя


29-12-2012, 16:05. : gazeta

Жалобная вестка прыйшла з абласнога цэнтра — 23 снежня на 77-ым годзе жыцця раптоўна перастала біцца сэрца Героя Сацыялістычнай працы, былой звеннявой па лёну калгаса імя Чапаева нашага раёна Леакадзіі Баляславаўны ЗІМНІК.

 

Л. Б. Зімнік нарадзілася ў 1936 годзе ў вёсцы Чарняўцы Павяцкага сельсавета ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. У пасляваенны час яе бацька працаваў намеснікам старшыні сельгасарцелі, і сама яна пачала працоўны шлях у 1950-ым на паляводстве. Пазней з сям’ёй жыла ў вёсцы Рабечына, пра якую цяпер напамінае толькі сасна з буслянкай. Была руплівай, стараннай, а яшчэ дасціпнай, умела і любіла пажартаваць, мела здольнасці аб’яднаць вакол сябе людзей і павесці іх за сабой. Вось таму кіраўніцтва калгаса імя Чапаева прызначыла яе звеннявой. Гэты нешматлікі калектыў у 1970 годзе забяспечыў самы высокі на Міёршчыне ўраджай даўгунцу, што ацэнена для звеннявой высокім званнем Героя Сацыялістычнай працы. Тады ж яна была абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, дэпутатам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета. Працяглы час з’яўлялася членам праўлення калгаса імя Чапаева, уваходзіла ў склад многіх выбарных і грамадскіх фарміраванняў. І пры тым заставалася шчырай працаўніцай, аптымістычным чалавекам, шчодрым бессярэбранікам. Такой жа яе ведаюць у абласным цэнтры, калі з’явілася магчымасць пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Віцебск. Ніколі не плакалася і не скардзілася на лёс, хаця перажыла шмат жыццёвых трагедый: рана пайшоў з жыцця муж, пахавала сына, унука.

 

Да выхаду на пенсію працавала на дывановым камбінаце, таксама старанна і не выдзяляючы свае заслугі, хаця была ўзнагароджана ардэнамі Леніна і “Знак Пашаны”, шматлікімі медалямі. На заслужаным адпачынку жыла сціпла і ціха, імкнулася падтрымаць і дапамагчы кожнаму, а таму яе ведала ўся вуліца. Да апошняга дня, нягледзячы на ўзрост і хваробы, заставалася аптымістам, імкнулася маральна і матэрыяльна падтрымліваць іншых.

Светлая памяць пра выдатнага чалавека і цудоўную працаўніцу назаўсёды захаваецца ў сэрцах яе землякоў.

 

Савет ветэранскай

арганізацыі раёна.