> Пытайцеся—адказваем > Волнуют цены

Волнуют цены


20-12-2011, 11:57. : gazeta

Хвалююць цэны

 

У час правядзення “прамой лініі” старшыні праўлення раённага спажывецкага таварыства С. Д. Лясовіч тэлефон не змаўкаў. Людзі літаральна атакавалі Святлану Дзмітрыеўну пытаннямі наконт цэн. Вось што тлумачыць яна.

 

— Усіх хвалюе, чаму аднолькава ўпакаваныя пакеты малака і з аднаго завозу адрозніваюцца па цане ўдвая, а то і больш. Ды і ў тлустасці яго не такая істотная розніца — 3,2% і 3,6%. Ці ўзяць, напрыклад, смятану — пры тлустасці ў 25%  яна ўдвая танней за тую, дзе на пакеце значыцца 26%.

Сітуацыя зразумелая — прадпрыемствы-вытворцы пастаўляюць у гандлёвую сетку зусім нязначную частку сацыяльна-значымай прадукцыі, паколькі яна не апраўдвае панесеных затрат. А каб іх  кампенсаваць, даводзіцца шукаць выйсце, бо любому прадпрыемству патрэбна жыць, развівацца, плаціць працуючым зарплату. Вось тыя надбаўленыя працэнты, ці нават іх нязначныя долі дазваляюць устанаўліваць рэальную цану прадукцыі, якая апраўдвае сабекошт. У выніку — малако па 5000 рублёў за пакет ці смятана за 8000 — фактычна нармальна. Ніякага неабгрунтаванага завышэння цэн тут няма.

 

Апошнім часам амаль знік з прылаўкаў танны кефір, затое біякефіру, які каштуе ўдвая даражэй, — удосталь. Атрымліваецца, што гэтыя тры літары “бія” — сталі выратавальнымі для вытворцаў, бо дазволілі выкарыстоўваць біядабаўкі. Для здароўя пакупніка яны карысныя, але і для кашалька таксама адчувальныя.

Прыгатаваць сырнікі, ці начыніць тварагом блінчыкі — зноў праблема. Звычайны тварог, а ён дастаткова танны, знік з прылаўкаў. Выпускаць яго прадпрыемствам нявыгадна, бо стратна. А вось той дарагі біятварог, якога дастаткова, ні для сырнікаў, ні для блінкоў непрыдатны. Будзем спадзявацца, што гаспадыні ў будучым не расчаруюцца. Змогуць набыць якасны тварог. Хаця, зразумела, па вышэйшай цане.

 

Крыўдна, калі даводзіцца чуць папрокі наконт завышэння цэн нашымі гандлёвымі прадпрыемствамі, бо ўсё кантралюецца, правяраецца, ніякай празмернай самастойнасці ў гэтым накірунку мы дапусціць не можам. Наша гандлёвая надбаўка — 16% плюс 10% — падатак на дабаўленую вартасць (НДС). Напрыклад, аптовы кошт літра малака 3,2% з Полацкага малочнага камбіната складае 1788 рублёў, дабаўляюцца ўжо названыя (16%+10%) — атрымліваецца 2280 рублёў (рознічная цана). Кошт (у розніцу) 400-грамовага пакета 26%-най смятаны — 8010 рублёў (аптовая цана 6280 рублёў+26% (16%+10%) названых надбавак).

 

Спадзяюся, што “прамая лінія” з кіраўніцтвам філіяла РУВП “Віцебскхлебпрам” Міёрскі хлебазавод дазволіць высветліць пытанні цэнаўтварэння на хлеб і хлебабулачныя вырабы. Хлеб і сапраўды дарагі.

У гандлёвай сферы надбаўкі на гэтую прадукцыю не перавышаюць дазволеных 27% (17%+10%). Іншая рэч, што выпякаецца на заводзе невялікая колькасць  сацыяльна-значымага хлеба, а значыць, і кошт яго адпаведны. Рэалізуецца ён у “Ветэране” райцэнтра і ў харчовым магазіне №1 горада Дзісна.

 

Скажу яшчэ наконт шкла, якога як быццам, восенню паступае ў продаж менш. У рэалізацыі яно ёсць. Да таго ж, любы пакупнік можа зрабіць індывідуальны заказ, у якім трэба ўказаць таўшчыню шкла, памеры лістоў і г. д.

 

Тое ж і адносна вуглавой канапы. Перш чым выканаць заказ, трэба ведаць — для якога пакоя тая канапа прызначаецца — залы ці кухні. Улічваюцца таксама колеравая гама, памеры, ды і розныя іншыя пажаданні можна ўказаць у заяўцы.

 

У продажу няма таннай фасолі. І чаму кошт яе ўпакоўкі даходзіць да 20 тысяч?

Эканаміст па цэнах Валянціна Васільеўна Сіняўская тут жа паспрабавала высветліць. І вось што ў яе атрымалася: у вясковых магазінах 450-грамовы слоічак марынаванай фасолі каштуе 4070 рублёў, у гарадскіх — белай кансерваванай (400 грамаў) — 6490 рублёў, 0,5 л — марынаванай з агароднінай — 7530, 400 грамаў марынаванай чырвонай —12480.

Акрамя таго, старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства паведаміла, што ў вясковых гандлёвых установах прымяняюцца мінімальныя надбаўкі, каб тавар людзі маглі своечасова купіць.

 

А яшчэ паўсюдна практыкуюцца (у горадзе таксама) 5-працэнтныя ці нават большыя скідкі з сумы зробленых пакупак. Зразумела, што такія дзеянні насельніцтва толькі вітае.

Эвеліна БАГДАНОВІЧ.