газета Миорские новости > Грамадства > Перспективы сопровождаемого проживания

Перспективы сопровождаемого проживания


28-02-2012, 20:04. Разместил: gazeta

Перспективы сопровождаемого проживания З ліку нашых удзельнікаў — маладыя інваліды, іх бацькі і апекуны, старшыня Міёрскай пярвічнай арганізацыі ГА “БелАДДІіМІ” Таццяна Уладзіміраўна Мільто, работнікі ТЦСАН, якія непасрэдна працуюць з гэтай катэгорыяй, дырэктар установы Алена Венядзіктаўна Шамёнак і дырэктар ЦКРНіР Аляксандра Яўгенаўна Валынец. А таксама прымала ўдзел у пасяджэнні “круглага стала” галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людміла Антонаўна Завадская.

 

Трэба адразу зазначыць, што дыскусіі настолькі захапілі, што ўкласціся ў адведзеныя рамкі было цяжка. Размовы працягваліся і ў час перапынку, і пасля заканчэння мерапрыемства.

— Вы б хацелі ў санаторыі жыць заўсёды? — прагучала правакацыйнае пытанне ад гасцей на  самым пачатку мерапрыемства. Хвілінная замінка, усмешкі…і адказ адмоўны. Хоць на поўным абслугоўванні, у “цяплічных умовах”, аднак гэта штосьці не тое, ненатуральнае. Не можа быць чалавек цацкай, каб з ім заўсёды няньчыліся. Такое жыццё не паўнацэннае, а нейкае штучнае, несапраўднае.

 

Тое ж можна сказаць і ў адносінах людзей з асаблівасцямі развіцця. У іх рознай ступені абмежаванні, пры нязначных — чалавек можа весці амаль што нармальнае жыццё. Толькі ці заўсёды ўдаецца рэалізаваць свае магчымасці? Інваліду, які жыве дома, іншыя члены сям’і, як правіла, імкнуцца не даручаць тую работу, якую прасцей і хутчэй выканаць самім. У інтэрнатах таксама такія людзі знаходзяцца на поўным утрыманні. У выніку атрымліваецца, што фізічна здаровыя інваліды не ўмеюць нічога. Яны наогул не прыстасаваны да жыцця.

 

— Што будзе з маім сынам (дачкой), калі не стане мяне? — не раз агучваюць падобныя пытанні дарослыя, у якіх дзіця не падобнае на іншых. Сапраўды, што? Прайсці цярплівую навуку прыстасавання да жыццёвых умоў інваліда прапануюць спецыялісты. Тым больш, што асобныя з іх спазналі праблемы на вопыце ўласнай сям’і.

 

— Гэта мая «кандыдацкая», — вобразна адзначае ўласную дзейнасць выкладчыца матэматыкі сталічнай ВНУ М. Д. Сінякевіч. Малодшая дачка ў іх сям’і прымусіла перакваліфікавацца сваю маці, заняцца ёй ушчыльную. Зразумела, істотныя поспехі дасягнуты. Аднак паралельна ўсе 25 гадоў жанчына дапамагае і іншым  знайсці сваё месца ў жыцці, нягледзячы на выпрабаванні лёсу. Намаганні прыносяць плён, дазваляюць учарашняму няўпэўненаму ў сабе маладому чалавеку працаваць, адчуваць сябе роўным побач з іншымі.

 

Як гэта ажыццяўляецца на практыцы, у рэальным жыцці, падрабязна расказала спецыяліст па сацыяльнай рабоце ГА “БелАДДІіМІ” Алена Васільеўна Бойка. У падмацаванне госці са сталіцы прывезлі з сабой відэаматэрыял. Удзельнікі “круглага стала” мелі магчымасць пачэрпнуць шмат павучальнага і карыснага для сябе. Яны пабачылі, як такія ж маладыя інваліды авалодваюць уменнем гатаваць сабе ежу, прыбіраць кватэру, рабіць пакупкі, ажыццяўляць гігіенічныя працэдуры.

 

2 гады таму ў Мінску адкрыўся першы і не зусім звычайны інтэрнат для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэта двухпакаёвая кватэра, у якой адначасова могуць жыць 4 чалавекі — 2 хлопцы і 2 дзяўчыны. Вучэбныя курсы для іх доўжацца 3-4 месяцы. На працягу іх маладых інвалідаў рыхтуюць да самастойнага жыцця. Днём моладзь працуе, наведвае майстэрні грамадскіх і царкоўных арганізацый, а вечарам вяртаецца ў інтэрнат, дзе яе сустракаюць 2 спецыялісты па сацыяльнай рабоце. Пасля адпачынку і абмену навінамі пачынаюцца “бытавыя ўрокі”, падчас якіх юнакі і дзяўчаты пад кантролем чысцяць бульбу, вучацца смажыць, варыць, падаваць на стол. Прыбіраюць у пакоях таксама самі.

 

А потым сумесна плануюць новыя справы на наступны дзень. Вядома ж, адводзіцца час для прагляду фільмаў, каб патэлефанаваць бацькам і сябрам. Ім дазваляецца наладжваць дыскатэкі, запрашаць гасцей. А раніцай гатуюць сняданне, мыюць посуд, прыводзяць сябе ў парадак і едуць на работу.

Выхадныя і святочныя дні маладыя інваліды праводзяць у сваіх сем’ях. У гэты час яны выконваюць хатнія заданні для замацавання атрыманых навыкаў.

Напрыклад, гатуюць кашу, старанна мыюць посуд, прыбіраюць у кватэры.

Акрамя таго, практыкуецца наведванне грамадска-культурных месцаў, тэатраў, кафэ, арганізоўваюцца прагулкі.

 

Бацькі маладых інвалідаў, якія спачатку не зусім давяралі суправаджаемаму вучэбнаму пражыванню, рэзка памянялі свае погляды, бо іх сыны і дочкі сталі іншымі — больш упэўненымі, жыццярадаснымі, з ахвотай дэманстравалі атрыманыя навыкі.

 

Дарэчы, нашы маладыя інваліды, што прысутнічалі на мерапрыемстве, пажадалі прайсці навучанне ў гэтым інтэрнаце. Хаця ім таксама было чым пахваліцца, бо і міёрскія спецыялісты з ТЦСАН шмат працуюць у гэтым накірунку. Многія памятаюць, як старанна прыбіралася тэрыторыя масавага адпачынку — паўвостраў.  Ведаем пра сакавітыя памідоры, перцы, хрумсткія агурочкі, што вырошчваліся ўмелымі рукамі выхаванцаў ТЦСАН. Асабліва ўдзячны за такую вітамінную агародніну састарэлыя з аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Дзісне,што працяглы перыяд харчаваліся ёй.

 

Пра гэта і многае-многае іншае расказвалі сталічным калегам дырэктар ТЦСАН А. В. Шамёнак, спецыяліст Т.П. Шульга. Свае меркаванні выказалі бацькі, апекуны. Быў прадэманстраваны багаты відэаматэрыял. З усяго ўбачанага і пачутага вынікала, што ў нашым раёне па-сапраўднаму клапоцяцца пра дзяцей і моладзь з асаблівасцямі ў развіцці.

 

Э. БАГДАНОВІЧ.

 

 


Вернуться назад