"Мы з табой сустрэнемся…"
Волкаўскі с/с, вёска Залессе, Лясовічу Антону.
1.02. 1945 г.
Да любых родных!
У першых словах майго ліста з такой далёкай старонкі дасылаю вам, мае дарагія родныя, пажаданні шчасця і добрага здароўя і як найхутчэйшай сустрэчы мяне з вамі.
Напішу некалькі слоў аб сваім вайсковым жыцці. Маё жыццё такое: адзін дзень добры, другі—благі. Да 10 сту-дзеня быў здаровы, а пасля захварэў на запаленне лёгкіх, і 11 студзеня забралі ў шпіталь. Але любую Олю прашу пра мяне не хвалявацца—ужо адчуваю сябе лепш, магу хадзіць і здольны напісаць вам ліст. Як я вам паведамляў у першых пісьмах, быў у падафіцэрскай школе. Калі б не мая хвароба, то быў бы ўжо са сваімі хлопцамі, гнаў бы шваба са сваёй зямлі.
Каханая Оля, не турбуйся пра мяне, вайна ўжо набліжаецца да канца, і Пан Бог дазволіць зноў сустрэцца з табой.
Любая Оля, мне вельмі сумна, бо ты забылася пра мяне, таму што колькі ні пісаў лістоў, ніводнага адказу не атрымаў. Таму не ведаю, якія ў вас парадкі. Праўда, сустракаў некаторых хлопцаў з нашай старонкі, яны апавядалі што дзеецца ў вас.
Дарагія родныя, яшчэ раз прашу за мяне не перажываць, бо вайна хутка закончыцца і ўсталюецца такі парадак, як і быў, нашы дзядзі зробяць усё добра.
Я зараз знаходжуся ў глыбокім тыле ля Варшавы, бо фронт пайшоў далёка наперад… Ад нас да Варшавы, як ад вас да Міёр. Так што асаблівай небяспекі ў нас няма.
Дарагая Оля, вельмі прашу, паважай маіх бацькоў, бо калі вярнуся каб яны на цябе не казалі благога.
Дарагія бацькі, вельмі прашу апекаваць маю жонку Олю, каб яна не была для вас чужой, а была роднай, таму што ў нас такі цяжкі лёс у нашым маладым жыцці. Калі Гасподзь Бог дазволіць, мы яго пераадолеем.
Дарагі Юзаф, паклон для цябе.
Любая Оля, не слухай тых, хто будзе страшыць, што мяне заб'юць. Не такі страшны д'ябл, як яго малююць. Оля, прыйдзе час, і мы з табой зноў сустрэнемся.
На гэтым заканчваю ліст, застаюся жывы, хаця і не зусім здаровы. Да пабачэння.
Паклон бацькам, Міхайлу, маёй любай Олі, брату і братавай, Юзафу і яго жонцы, усім родным і знаёмым. Ваш сын і твой муж Уладзімір Лясовіч.
Палявая пошта №19322 с.
Прагледжана ваеннай цэнзурай 14582.
Пераклад з польскай мовы Вітольда Ермалёнка.
Извещение от 4 июня 1945 г. в д. Залесье Волковского с/сов Лясович Ольге Якубовне. Ваш муж Лясович Владимир Антонович… погиб 17 апреля 1945 г. Похоронен с отданием воинской почести на правой стороне р. Одер около Кенинзберга.