У райвыканкаме адбылася нарада, на якой прысутнічалі вучоныя Акадэміі навук, спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, галіновых інспекцый Шаркаўшчынскага і Міёрскага раёнаў, Браслаўскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, меліяратары, тураператары, паляўнічакарыстальнікі. Мэта — абмеркаванне новага плана кіравання заказнікам “Ельня”.
У пачатку размовы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Іосіфавіч Баданін падкрэсліў унікальнасць балотнага масіву, выказаў свой погляд на тое, як узмацніць ахову гэтай тэрыторыі. Безумоўна, планаванне кіравання неабходна і пры гэтым варта ўлічыць усе аспекты.
Спецыяліст Акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Аляксандр Васільевіч Казулін расказаў пра накірункі планавання, падкрэсліў, што план з’яўляецца асновай для прыняцця адпаведных кіраўнічых рашэнняў. Вучоныя выканалі вялікі аб’ём работ, адкрылі новыя месцы пасялення птушак і жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Работа над планам вялася пры падтрымцы адпаведных структур ААН. Спецыялісты ацанілі асаблівасць тэрыторыі, выявілі пагрозы, удакладнілі межы ўчасткаў, спланавалі маніторынг. На іх думку, з-за няправільнага выкарыстання балотных угоддзяў парушаны гідралагічны рэжым. Пра гэта гаварыла і старшы навуковы супрацоўнік інстытута прыродакарыстання АН Беларусі Ніна Іванаўна Танавіцкая. На яе думку, з узвядзеннем шэрагу плацін сітуацыя выправілася, але цяпер патрэбны больш капітальныя гідралагічныя збудаванні. З 48 плацін 40 выконваюць сваю функцыю, 8 часткова разбурыліся і не працуюць. Упушчэнні мінулых гадоў прывялі да таго, што пасля пажараў на балоце на 31,8% паменшыліся запасы журавін.
Вялася размова пра аператыўныя задачы. Цяпер распрацоўваецца новае палажэнне аб заказніку. Ставіцца пытанне па арганізацыі ўстойлівага выкарыстання яго прыродных рэсурсаў. Неабходна распрацаваць бізнес-план. У перспектыве трэба пабудаваць цэх па перапрацоўцы журавін, што дасць магчымасць адкрыць новыя рабочыя месцы, папоўніць бюджэт. Ставілася пытанне аб неабходнасці забараніць паляванне вясной і восенню. Вельмі важна забяспечыць ахову раслін, жывёл і птушак, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу. Таму неабходна правесці пашпартызацыю, распрацаваць меры па захаванні рэдкіх відаў дзікарастучых раслін і жывёлы ў натуральных умовах. Неабходна набыць для заказніка патрэбны транспарт, інвентар, абсталяванне.
Вопытам работы арганізацыі турыстычных маршрутаў падзяліўся прадстаўнік турагенцтва з Шаркаўшчыны. Ён эмацыянальна гаварыў пра неабходнасць узмацнення ахоўнай дзейнасці ўнікальнай тэрыторыі. Па яго словах, некаторыя выкарыстоўваюць самаробныя балотаходы, займаюцца незаконным збытам птушанят тых відаў, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Так званыя прадпрымальнікі фарміруюць групы бамжоў, дастаўляюць іх на Ельню з мэтай ранняга збору ягад. А ў перыяд дазволу на збіранне журавін ягады выносяцца ў пэўныя месцы і рэалізуюцца. Гучаць і стрэлы на балотным масіве, што дае падставу сцвярджаць пра незаконнае паляванне. Браканьернічаюць і на балотных азёрах.
Думаецца, калектыўнае абмеркаванне абноўленага варыянту плана кіравання дзяржаўным ландшафтным заказнікам “Ельня” паспрыяе вырашэнню тых праблем, аб якіх ішла гаворка на нарадзе.
Л. НАВАСЕЛЬСКІ.